Гісторыя МДЛУ

Гісторыя МДЛУ

Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт (да 1993 г. Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў) як самастойная вышэйшая  навучальная ўстанова пачала сваю дзейнасць з 1 верасня 1948 г. У яе складзе ўваходзілі тры факультэты – англійскай, нямецкай і французскай моў.  Інстытут быў створаны на базе факультэта замежных моў Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага. З моманту стварэння з’яўляўся адзінай вышэйшай навучальнай установай у рэспубліцы па падрыхтоўцы настаўнікаў замежных моў для сярэдніх школ, выкладчыкаў для вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, а таксама перакладчыкаў.

На бягучы час структуру ўніверсітэта вызначаюць 7 факультэтаў – англійскай, нямецкай, міжкультурных камунікацый, раманскіх моў, кітайскай мовы і культуры, перакладчыцкі, факультэт рускай мовы для замежных грамадзян і два інстытуты – Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў, Інстытут Канфуцыя.

Першым (ды)рэктарам інстытута быў кандыдат эканамічных навук дацэнт Міхаіл Фядотавіч Жаўрыд. У далейшым вышэйшую навучальную ўстанову ўзначальвалі рэктары Фрол Парфір’евіч Шмыгаў, Ніна Георгіеўна Краснова, Уладзімір Васільевіч Макараў, Наталля Пятроўна Баранава.

З 2020 г. пасаду рэктара займае кандыдат педагагічных навук дацэнт Лапцева Наталля Яўгеньеўна.

У 1948/49 навучальным годзе ў інстытуце на дзённай форме навучання займаліся 364 студэнты, з якіх на факультэце англійскай мовы – 204 студэнты, нямецкай – 86 і французскай – 74. У 1949 г. у інстытуце было адкрыта завочнае аддзяленне. Да 1956 г. падрыхтоўка настаўнікаў вялася па адной спецыяльнасці. З 1 верасня 1956 г. было ўведзена пяцігадовае навучанне з мэтай падрыхтоўкі спецыялістаў па замежнай і рускай ці беларускай мовах, з 1964 г. – па дзвюх замежных мовах.

На момант стварэння інстытут размяшчаўся ў будынку школы № 13 па вул. Пушкіна, 35. Пад інтэрнаты для студэнтаў інстытута былі перададзены будынкі гарадскіх навучальных устаноў. Першы вучэбны корпус (цяпер корпус Б) быў уведзены ў строй у 1958 г., другі (корпус А) – у 1964, трэці (корпус В) – у 1966 г., корпус Г са спартыўнай і актавай заламі – 1971 г. Першы студэнцкі інтэрнат на 400 месцаў пачаў дзейнiчаць у 1957 г. (цяпер корпус Д). 

З 1960 г. пры інстытуце былі арганізаваны 2-гадовыя курсы замежных моў для спецыялістаў, якая накіроўваліся на працу ў замежныя краіны (у 1994 г. ператвораны ў спецыяльны факультэт кіруючых работнікаў і спецыялістаў). 

У 1962 г. адкрыта аддзяленне іспанскай мовы, на базе якога ў 1967 г. быў створаны самастойны факультэт. У 1964 г. на факультэтах англійскай, нямецкай і французскай моў сфарміраваны перакладчыцкія аддзяленні, якія з 1969 г. былі аб’яднаны ў перакладчыкі факультэт. З 1979 г. на факультэце рускай мовы для замежных грамадзян вядзецца навучанне студэнтаў з розных краін свету. З верасня 1994 г. пачаў працу факультэт заходнееўрапейскіх (англійскай, нямецкай і французскай) моў, у 2001 г. пераўтвораны ў факультэт міжкультурных камунікацый. З 2006 г. у структуру ўніверсітэта ўваходзіць лінгвагуманітарны каледж. 

У МДЛУ вядзецца выкладанне на больш чым 20 замежных мовах, у тым ліку на арабскай, італьянскай, кітайскай, нідэрландскай, польскай, турэцкай, шведскай, японскай і іншых. На цяперашні час вучэбны працэс забяспечвае прафесарска-выкладчыцкі склад амаль 40 агульнаўніверсітэцкіх і факультэцкіх кафедраў, работнікі бібліятэкі, шматлікіх вучэбных залаў, цэнтраў моў і культур.

З 1962 г. пачалася падрыхтоўка навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі цераз аспірантуру, з 1992 г. – дактарантуру, з 1997 г. – магістратуру.  

За тры чвэрці стагоддзя ў установе вышэйшай адукацыі падрыхтавана звыш 40 тысяч настаўнікаў замежных моў і дзесяці тысяч перакладчыкаў-рэферэнтаў і спецыялістаў па міжкультурнай камунікацыі. Выпускнікі запатрабаваны ў органах дзяржаўнага кіраўніцтва, сферы эканомікі і фінансаў, турызму; працуюць на ўсіх кантынентах планеты, у тым ліку ў буйнейшых міжнародных арганізацыях, дыпламатычных прадстаўніцтвах.

Сёння лінгвістычны ўніверсітэт – вядучая навучальная ўстанова па падрыхтоўцы высокакваліфікаваных настаўнікаў і выкладчыкаў замежных моў, перакладчыкаў, спецыялістаў па міжкультурнай камунікацыі.

У 75-я ўгодкі з даты ўзнікнення ўстанова адукацыі з’яўляецца адным з лепшых і самым вядомым лінгвістычным універсітэтам у Рэспубліцы Беларусь, СНД, Еўропе і свеце.