Тыдзень роднай мовы

Тыдзень роднай мовы

У рамках Тыдня роднай мовы 21 верасня 2022 года кафедрай беларускай мовы і літаратуры праведзена сустрэча студэнтаў перакладчыцкага факультэта з вядомым беларускім пісьменнікам Віктарам Анатольевічам Шніпам і загадчыкам аддзела крытыкі і літаратуразнаўства часопіса “Полымя” Наталляй Міхайлаўнай Казапалянскай.

2022 год – знакавая дата для беларускай літаратуры: сваё 100-годдзе святкуе найстарэйшы літаратурна-мастацкі часопіс Саюза пісьменнікаў Беларусі “Полымя”. З 2021 года яго галоўным рэдактарам з’яўляецца Віктар Анатольевіч Шніп – аўтарытэтны беларускі паэт, празаік, перакладчык, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі. З нагоды 100-гадовага юбілея часопіса “Полымя” Віктар Анатольевіч пазнаёміў студэнтаў МДЛУ з гісторыяй гэтага літаратурнага выдання, нагадаў імёны пісьменнікаў, якія друкаваліся ў часопісе ці працавалі ў яго рэдакцыі. Акрамя гэтага мастак слова расказаў студэнтам цікавыя факты пра сябе і свой шлях да літаратуры, прачытаў некалькі сваіх вершаў і прэзентаваў новыя кнігі. Наталля Міхайлаўна Казапалянская таксама прадэкламавала некалькі сваіх вершаў і расказала пра адметнасці рубрык сучаснага часопіса “Полымя”. Увазе студэнтаў была прадстаўлена прэзентацыя гісторыі выдання часопіса “Полымя” з архіўнымі фатаграфіямі вядомых беларускіх літаратараў, членаў Саюза пісьменнікаў БССР.

Віктар Анатольевіч і Наталля Міхайлаўна запрасілі да сябе, у рэдакцыю часопіса “Полымя”, студэнтаў, якія пішуць прозу, паэзію або цікавяцца перакладам мастацкіх твораў на беларускую мову. Рэдакцыя часопіса “Полымя” рада вітаць творчых таленавітых людзей, якія шануюць роднае слова і жадаюць беларускай мове далейшага развіцця.