Тыдзень роднай мовы ў МДЛУ

Тыдзень роднай мовы ў МДЛУ

19 верасня студэнты 1 курса перакладчыцкага факультэта (амаль 100 чалавек) пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка кафедры беларускай мовы і літаратуры Сігаевай С.А. наведалі Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы.

Такія мерапрыемствы даўно сталі традыцыйнымі на кафедры, але ў гэтым годзе знакамітым спектаклем “Чорная панна Нясвіжа” паводле п’есы А.  Дударава быў адкрыты Тыдзень роднай мовы ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце.

Надзвычай красамоўныя водзывы студэнтаў:

«Легенда аб Чорнай панне Нясвіжа – адна з самых містычных і рамантычных у беларускай гісторыі, таму не дзіўна, што спектакль быў надзвычай яркім. Нас уразіла таленавітая ігра акцёраў, прафесійнае мастацкае суправаджэнне. Мы вельмі ўдзячны нашай выкладчыцы беларускай мовы Святлане Аляксандраўне за магчымасць далучыцца да нацыянальнай беларускай спадчыны!!!”

“Мне вельмі спадабалася яркая ігра акцёраў, таму я б хацела паглядзець гэты спектакль яшчэ раз са сваімі роднымі і сябрамі”.

“У тэатры мне больш за ўсё спадабалася харызма акцёраў. Я таксама рада, што мы сабраліся нашай групай і правялі гэты вечар з добрым настроем і яркімі эмоцыямі”.