Памяць, якую нельга забыць

Памяць, якую нельга забыць

18 мая 2023 года ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце прайшла сустрэча з загадчыкам кафедры гісторыі і сацыяльных навук МДЛУ Новікавым Сяргеем Яўгенавічам, прысвечаная тэме «Гістарычная памяць аб Вялікай Айчыннай вайне як фактар фарміравання патрыятызму».

З прывітальным словам да выкладчыкаў і студэнтаў унiверсiтэта звярнуўся прарэктар па выхаваўчай працы МДЛУ Тамільчык Эдуард Валянцінавіч. «9 мая – асаблівы дзень для кожнага беларуса. Гэтая гістарычная дата з'яўляецца для нашага народа адной з самых светлых і значных. Мы заўсёды будзем свята шанаваць памяць пра тых, хто змагаўся за свабоду нашай краіны», – адзначыў Эдуард Валянцiнавiч.

9 мая 2023 года Беларусь адзначыла 78-годдзе Вялікай Перамогі савецкага народа над гітлераўскімі захопнікамі ў Вялікай Айчыннай вайне. У рамках Адзінага дня інфармавання Сяргей Яўгенавіч падрабязней расказаў усім прысутным, якой цаной савецкаму народу дасталася Вялікая Перамога.

«Май – сімвалічны месяц для Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Штогод 1 мая студэнты ўніверсітэта ўдзельнічаюць у экскурсіі «Варта памяці» па месцах, якія звязаны з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Калі мы гаворым пра вайну, мы гаворым адначасова пра два яе бакі. Любы медаль мае два бакі, так і вайна. Адзін бок зіхаціць мужнасцю, гераізмам і славай, а другі – наадварот. Я хачу паказаць вам, што тая перамога, пра якую мы з вамі памятаем і якую мы ўшаноўваем, была здабыта цаной мільёнаў жыццяў», – звярнуўся да слухачоў Сяргей Яўгенавіч.

З гонарам мы можам сказаць, што Беларусь стала шчытом, рубяжом, які не толькі спыніў германскі вермахт, але і прывёў да краху маланкавай вайны. У цяжкі ваенны час на абарону Айчыны са зброяй у руках сталі 1 300 000 беларусаў. Барацьбу актыўна вялі 440 тысяч партызан і падпольшчыкаў. Дзеля міру на зямлі склалі свае галовы мільёны людзей. Але Беларусь не скарылася акупантам.

Вялікая Айчынная вайна пакінула крывавы след у гісторыі беларускага народа, у кожнай сям’і і ў чалавечых лёсах. Гэта тая памяць, якую кожны беларус павiнен перадаць нашчадкам. «Нягледзячы на тое, што гады бягуць, трэба памятаць пра герояў і гераізм нашых з вамі суайчыннікаў і рабіць усё, каб бяда не паўтарылася зноў», – звярнуўся да слухачоў напрыканцы сустрэчы Тамiльчык Эдуард Валянцінавіч.

Працягам Адзінага дня інфармавання стаў прагляд фільма, падрыхтаванага тэлеканалам АНТ.