Мой родны кут, як ты мне мілы!

Мой родны кут, як ты мне мілы!

Напярэдадні 140-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа кафедрай беларускай мовы і літаратуры для студэнтаў МДЛУ арганізавана экскурсія па мясцінах, звязаных з жыццём і творчасцю класіка айчыннай літаратуры.

Акінчыцы, Ласток, Альбуць, Смольня... Менавіта пра гэтыя мясціны пісаў народны пісьменнік Беларусі Якуб Колас свае знакамітыя радкі "Мой родны кут, як ты мне мілы..."

Напярэдадні 140-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа кафедрай беларускай мовы і літаратуры для студэнтаў МДЛУ была арганізавана экскурсія па мясцінах, звязаных з жыццём і творчасцю класіка айчыннай літаратуры. Вандроўка па Стаўбцоўшчыне – малой радзіме песняра – адбылася ў нядзелю, 23 кастрычніка. Нашы студэнты наведалі тры мемарыяльныя сядзібы Якуба Коласа – Акінчыцы, Альбуць, дзе пісьменнік правёў дзіцячыя і юнацкія гады, і Смольню.  

Адноўленыя будынкі часоў паэта, выстаўленыя ў іх побытавыя рэчы, якімі карысталася сям’я славутага пісьменніка, дазволілі нам пранікнуцца атмасферай сялянскага жыцця мяжы 19 і 20 стагоддзяў. У літаратурным музеі ў Смольні нашай увазе былі прадстаўлены фотаздымкі Канстанціна Міхайлавіча і членаў яго сям'і, дакументы, рукапісы, рэдкія выданні твораў паэта. Гэтыя экспанаты нагадалі нам пра асноўныя вехі жыцця Якуба Коласа і яго ўнікальную літаратурную спадчыну. 

Маляўнічыя краявіды Стаўбцоўшчыны, самабытныя інтэр'еры, не раз узгаданыя падчас экскурсіі радкі з "Новай зямлі" (па сутнасці, сусветнага шэдэўра Я. Коласа) зрабілі пахмурны асенні дзень яркім і запамінальным!