Міжнароднае супрацоўніцтва

Міжнароднае супрацоўніцтва

16 ліпеня 2020 года ў МДЛУ адбылася сустрэча з выкладчыкам Пекінскага ўніверсітэта замежных моў Чжао Сінь.

 Пекінскі ўніверсітэт замежных моў і наш універсітэт звязваюць даўнія партнёрскія адносіны, вынікам якіх стала стажыроўка Чжао Сінь на кафедры беларускай мовы і літаратуры ў 2019-2020 навучальным годзе. За адносна невялікі перыяд свайго навучання Чжао Сінь змагла на вельмі добрым узроўні вывучыць беларускую мову, а таксама азнаёміцца з гісторыяй, культурай, літаратурай нашай краіны. Па выніках стажыроўкі рэктар універсітэта Баранава Н.П. уручыла Чжао Сінь сертыфікат, які пацвярджае валоданне беларускай мовай на ўзроўні В2.  Кітайская калега выказала шчырае захапленне мілагучнасцю і прыгажосцю беларускай мовы, падзякавала за гасціннасць і добразычлівасць, прачытала на памяць свой любімы верш Р. Барадуліна.

У час сустрэчы былі таксама абмеркаваны далейшыя шляхі супрацоўніцтва паміж двума вядучымі ўніверсітэтамі ў галіне лінгвістычнай падрыхтоўкі: падтрымка дзейнасці Цэнтра даследавання Беларусі, метадычнае забеспячэнне выкладання беларускай мовы ў Пекінскім універсітэце замежных моў і кітайскай мовы ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце.