Дзень памяцi

Дзень памяцi

Міжнародны дзень вызвалення вязняў канцлагераў

11 красавіка ва ўніверсітэце адбылося мерапрыемства, прысвечанае Міжнароднаму дню вызвалення вязняў канцлагераў. Лічыцца, што менавіта ў гэты дзень у 1945 годзе быў пакладзены канец бясконцым жахам для ўсіх тых, хто столькі выпакутаваў і перажыў.

 

 

 Мерапрыемства прайшло ў форме вечара памяці, на які былі запрошаны не толькі прадстаўнікі розных устаноў, арганізацый,  але і сведкі тых пачварных падзей. Да іх і да ўсіх глядачоў у зале са словамі спачування і падтрымкі звярнулася рэктар МДЛУ Баранава Наталля Пятроўна: “Мы павінны зрабіць усё магчымае, каб гэта ніколі не паўтарылася. Беражыце мір і жывіце ў згодзе!”

 

 

Таксама з прамовай выступіў Ясiлевіч Іосіф Яўхімавіч (былы выкладчык нашага ўніверсітэта), які паставіў перад аўдыторыяй пытанне: а ці патрэбна памятаць? Адказам яму было аднагалоснае “так”. Пасля яго гісторыю свайго жыцця распавяла  Шуганевіч Галіна Адамаўна. Яна расказала такое, ад чаго валасы варушыліся на галаве: дзяўчынкай трапіла яна ў палон за 28 дзён да вызвалення Мінска ад нямецкіх захопнікаў.  Памятае страшэнны ланцуг падзей: “бясконцыя шэрагі вагонаў, Беласток, Варшава, канцлагер, фабрыка знішчэння, а потым Чэхаславакія, тый жа калючы дрот, тыя ж нары, тый жа рэжым”. “Яшчэ дакладна памятаю, - кажа Галіна Адамаўна, - як нас сагналі ў будынак быццам бы на памыўку, але чамусьці сказалі намазаць рукі і ногі спецыяльнай вадкасцю. Мы ўсё выканалі, але раптоўна прыйшоў хтосьці з кіраўніцтва і перапыніў гэтую працэдуру. Апынулася, што машына пакут дала збой: наш барак пераблыталі з нейкім іншым, а ў тым будынку, куды нас завялі, мы ледзь не сустрэлі сваю смерць. Туды збіраліся пусьціць газ, каб знішчыць усіх да апошняга чалавека. Дык вось калі людзі паміраюць, задыхаюцца, яны адно аднаго абдымаюць (маці прыціскае дзяцей, мужык абдымае жонку), а потым расчапіць нябожчыкаў надта складана, таму нас і прымушалі канечнасці змазваць.” І вось гэтая жанчына – сімвал смеласці і нават мужнасці- стаяла перад залай і прасіла прабачэння за надта страшныя гісторыі, за надта рэзкія словы ў наш мірны і светлы час.

 

 

Свайго роду споведдзю падзяліўся з намі Якаў Краўчынскі. Напярэдадні вайны ён павінен быў пайсці ў першы клас, але лёс не дазволіў -  пачалася вайна. Амаль адразу ён з сям’ёй трапіў у Мінскае гета, пасялілі іх у былым дзіцячым садку; спаць там не было дзе, таму маленькія сталы састаўлялі разам і нейкім чынам клаліся на іх, сям’я ад сям’і аддзялялася проста вяроўкай з анучай на ёй. Ён таксама памятае, як разам з маці ўцяклі і потым ледзь не на вобмацак шукалі партызанаў. “Дзякуй нашым людзям, дапамагалі ў кожнай вёсцы: хавалі, дарогу паказвалі, давалі падсілкавацца. У рэшце рэшт нашых мы знайшлі, а ўжо потым з намі ўз’яднаўся тата… Вы шчаслівыя, вы гэтага не бачылі, вось і жадаю ніколі не пабачыць.”  За гэтай гісторыяй мы пачулі яшчэ адну, не такую трагічную, але не менш важную. Яе распавяла Сямашка Раіса Кірылаўна: “У мяне ў тый час было 2 сяброўкі, я з імі вучылася ды і на адной вуліцы жылі. Звалі іх Ніна Цэйтліна і Іда Баршчова. Дзяўчаты трапілі ў яўрэйскі дзіцячы дом, які знаходзіўся на тэрыторыі гета. Туды я ім увесь час прыносіла ежу, а калі пачалася акцыя па знішчэнню яўрэяў, у таты атрымалася іх выратаваць і схаваць у нашым сутарэнні. Бацькі разумелі, чым яны рызыкуюць, але не маглі не дапамагчы. Пасля бацька з дапамогай свайго сябра пераправіў Баршчову ў рускі дзіцячы дом, а Ніну яны змаглі прымасціць да партызанскага атрада. Вось мая гісторыя трох сябровак са Старажоўскай вуліцы.” Хочацца нагадаць, што Раісе Кірылаўне за выратаванне сваiх сябровак было нададзенна званне праведніцы народаў свету, іх у Беларусі толькі каля 800.

 

 

Пра цяжкі лёс сваёй маці расказаў загадчык кафедры філасофіі МДЛУ Баранаў Мікалай Паўлавіч: “Калі я запытваў у маці пра самыя простыя рэчы: што елі, як елі, што апраналі, - яна звычайна не хацела расказваць, адмаўлялася са словамі “лепш не трэба ведаць”, але я ўсё ж па кроплях здабываў інфармацыю. Радуйцеся, людзі, што мы жывём у такім спакоі. Мы павінны адно аднаго любіць. І вось ведаеце, кажуць, што кожны чалавек павінен перажываць усе падзеі так, нібы яны адбываюцца з ім, таму мы не можам змоўчаць, не заўважыць, забыцца.”

 

 

Скончылася мерапрыемства кранальнымі песнямі, яны пакінулі ў сэрцы невыразны сум, але адначасова i радасць ад таго, што мы жывём і жывём шчасліва. Гэта быў напамін усім нам пра тое, што ў нас няма права забыцца, не зразумець, зняважыць. Гэта наша мінулае, наша гісторыя, наш боль.

 

Текст: Полещук Марина, ФАЯ

Фото: Екатерина Гавриленко, ФМК