Сустрэча з Віктарам Шніпам у МДЛУ

Сустрэча з Віктарам Шніпам у МДЛУ

24 лютага ў МДЛУ адбылася сустрэча студэнтаў і выкладчыкаў універсітэта з беларускім паэтам Віктарам Анатольевічам Шніпам

Арганізавала мерапрыемства кафедра беларускай мовы і літаратуры МДЛУ ў рамках святкавання Дня роднай мовы і супрацоўніцтва з часопісам «Нёман», членам рэдкалегіі якога з’яўляецца паэт. Таксама Віктар Анатольевіч Шніп працуе намеснікам дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура», галоўным рэдактарам часопіса «Полымя», уваходзіць у Саюз пісьменнікаў Беларусі.

На сустрэчы ў анлайн-рэжыме прысутнічалі таксама студэнты Пекінскага ўніверсітэта замежных моў, якія ў бягучым навучальным годзе вывучаюць беларускую мову ў МДЛУ.

Беларускі паэт расказаў удзельнікам мерапрыемства пра свой жыццёвы і творчы шлях. Так, друкаваць свае першыя вершы Віктар Анатольевіч пачаў ужо ў 17 гадоў, супрацоўнічаў з часопісамі «Маладосць», «Беларусь», газетай «Літаратура і мастацтва». «Жыццё – нялёгкая дарога, што пачалася ад парога бацькоўскай хаты…», – прадэкламаваў адзін са сваіх першых вершаў паэт.

Далей Віктар Анатольевіч паразважаў пра ролю кнігі ў сучасным свеце. На думку галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», папяровую кнігу ніколі не заменіць інтэрнэт. «Кніга – гэта люстэрка, дзе кожны бачыць сябе галоўным героем, кніга – гэта паветра, якім дыхае душа, кніга – гэта агонь, якім саграецца сэрца, кніга – гэта неба, у якім жыве натхненне…», – прачытаў свой верш «Кніга» Віктар Анатольевіч Шніп.

Таксама паэт прэзентаваў слухачам свае кнігі «Заўтра была адліга», «Васільковы мёд» і «Белае, чорнае і залатое», за якую ён атрымаў Нацыянальную літаратурную прэмію. Пасля студэнты задавалі пытанні Віктару Анатольевічу. Так, адна дзяўчына пацікавілася ў майстра слова, што для яго галоўнае – працэс напісання верша ці мэта. «Я пра гэта ніколі не думаю, проста ёсць жаданне пісаць», – сумленна адказаў Віктар Шніп.