Прэзентацыя новых выданняў па фанетыцы ў МДЛУ

Прэзентацыя новых выданняў па фанетыцы ў МДЛУ

Прэзентацыя выданняў Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Студэнты і выкладчыкі МДЛУ і іншых устаноў 8 снежня 2017 года наведалі цікавае і карыснае мерапрыемства — прэзентацыю выданняў Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Яе праводзілі супрацоўнікі названай ВНУ прафесар М. Б. Папоў і дацэнт А. В. Андронаў. Пад час мерапрыемства былі прадстаўлены:

– вучэбна-метадычныя комплексы «Гістарычная граматыка рускай мовы» У. В. Колесава, «Лексікаграфія рускай мовы» В. В. Васільевай, А. В. Генералавай, А. С. Герда, Д. М. Пацапні і інш., «Марфалогія рускай мовы» С. І. Багданава, В. Б. Яўцюхіна, Ю. П. Князева і інш., «Руская дыялекталогія» В. В. Васільевай, І. С. Лутавінавай,  «Сінтаксіс сучаснай рускай мовы» Г. Н. Акімавай, С. В. Вяткінай, У. П. Казакова і інш., «Стараславянская мова» С. А. Аверынай, Л. М. Наўтановіч, М. Б. Папова, В. А. Старавойтавай, «Фанетыка сучаснай рускай мовы» М. Б. Папова  і іншыя;

– «Веснік Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. Серыя “Філалогія. Усходазнаўства. Журналістыка”» (СПб., 2016–2017); з 2017 г. серыя выходзіць пад назвай «Мова і літаратура»;

–  «Націск» Поля Гарда (СПб., 2015);

– «Тэарэтычныя асновы літоўскай фаналогіі» Аляксаса Гірдзяніса (Вільня, 2014);

– зборнік «Памяці М. І. Матусевіч (1985–1979). Да 120-годдзя з дня нараджэння» (пад рэд. Н. Д. Светазаравай. СПб., 2017);

– зборнік «L'école phonologique de Leningrad: histoire et modernités» (Lausanne, 2015).

Большасць выданняў з удзячнасцю прыняла бібліятэка МДЛУ. Апошні зборнік перададзены ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі, а таксама даступны на сайце Лазанскага ўніверсітэта. Плануецца, што з кнігамі можна будзе азнаёміцца на наступнай выставе новых паступленняў (корпус А).