Беларуская мова, літаратура, культура і свет: праблемы рэпрэзентацыі

Беларуская мова, літаратура, культура і свет: праблемы рэпрэзентацыі

III Міжнародная навуковая канферэнцыя, прысвечаная памяці пісьменніка, крытыка, эсэіста, драматурга, к.ф.н., дац. П. В. Васючэнкі

19 лістапада 2020 года кафедрай беларускай мовы і літаратуры МДЛУ праведзена III Міжнародная навуковая канферэнцыя “Беларуская мова, літаратура, культура і свет: праблемы рэпрэзентацыі”.

Гэты навуковы форум стаў ужо традыцыйным і займеў заслужаны аўтарытэт у міжнароднай прасторы. Мерапрыемства аб’яднала 90 навукоўцаў з Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, устаноў вышэйшай адукацыі нашай краіны, а таксама аўтарытэтных замежных універсітэтаў: Варшаўскага ўніверсітэта, Універсітэта Марыі Складоўскай-Кюры, Каталіцкага ўніверсітэта ў Ружамберку, Цяньцзінскага ўніверсітэта замежных моў, Пекінскага ўніверсітэта замежных моў і інш.

Навуковая канферэнцыя прысвечана памяці кандыдата філалагічных навук, дацэнта, пісьменніка, крытыка, эсэіста, драматурга Пятра Васільевіча Васючэнкі, які больш за 20 гадоў узначальваў кафедру беларускай мовы і літаратуры МДЛУ. Васючэнка П.В. з’ўляецца аўтарам літаратуразнаўчых манаграфій “Драматургія і час” (1991), “Драматургічная спадчына Янкі Купалы” (1994), “Пошукі страчанага дзяцінства” (1995), “Беларуская літаратура ХХ стагоддзя і сімвалізм” (2004), зборніка літаратурна-крытычных прац “Адлюстраванні Першатвора” (2004), вучэбнага дапаможніка “Сучасная беларуская драматургія” (2000), зборнікаў прозы “Белы мурашнік” (1993), “Прыгоды аднаго губашлёпа” (1999), зборніка п’ес “Маленькі збраяносец” (1999), кніг казак “Прыгоды паноў Кубліцкага ды Заблоцкага” (1997), ”Каляровая затока” (2008), “Дванаццаць подзвігаў Геракла”, зборніка вершаў (бестыярыя) “Піраміда Ліннэя” (2008), ста васьмідзесяці літаратуразнаўчых артыкулаў, рэцэнзій, эсэ. Яго творы  перакладзены на англійскую, балгарскую, нямецкую, польскую, рускую, славацкую і чэшскую мовы.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі выступіла прарэктар па навуковай рабоце МДЛУ Тарасевіч Ларыса Аляксандраўна. Праграма мерапрыемства ўключала навуковыя даклады, прысвечаныя як усебаковаму аналізу навуковай дзейнасці і творчай спадчыны Пятра Васючэнкі, так і разнастайным аспектам літаратуразнаўства, мовазнаўства, перакладазнаўства, культуралогіі, методыкі выкладання беларускай мовы і літаратуры.