Дзень роднай мовы

Дзень роднай мовы

21 лютага ў свеце адзначаецца Мiжнародны дзень роднай мовы

Родная мова - гэта адначасова i культура, i спадчына народа. Роднае слова – гэта першая крынiца, праз якую мы пазнаём жыццё i акаляючы свет. Кожны iнтэлiгентны чалавек павiнен ведаць i паважаць мову краiны, у якой нарадзiлiся яго продкi i ён сам. Родная мова – адзiн з першых сродкаў  адрознення нацыянальнасцей i культур. Галоўнае, каб кожны з нас, беларусаў, ўсвядомiў, што мова – гэта сапраўды наша багацце. Ведаць i абараняць яе – наш абавязак.

У дзень роднай мовы прапануем вам iнтэрв'ю з цiкавым i неардынарным чалавекам, беларусiстам, для якога родная мова – i праца, i натхненне, i сэнс жыцця: Пятро Васільевіч Васючэнка - загадчык кафедры беларускай мовы і літаратуры МДЛУ.

‒ Шаноўны Пятро Васільевіч, раскажыце, калі ласка, як і калі Вы зразумелі, што хочаце займацца філалогіяй, што літаратура, літаратурная творчасць – гэта Ваша?

‒ Гэта я зразумеў, калі рабіў выбар прафесіі, у дзявятым класе прыблізна. А да дзявятага класа я разрываўся паміж біялогіяй і філалогіяй, літаратурай таксама, і рабіў выбар паміж філалагічнай адукацыяй альбо біялагічнай. І так сталася, што ў будучыні і адна, і другая мае прыхільнасці спалучыліся. Я атрымаў філалагічную адукацыю, але напісаў некалькі кніжак на тэму экалогіі, у паэзіі, прозе таксама, экалагічныя казкі напісаў і гэтак далей. Інакш кажучы, біялогіі даніну аддаў. А ўвогуле ўсё, што я напісаў за гады творчасці, ‒ гэта самыя розныя жанры, і калі я прадстаўляюся або мяне прадстаўляюць, дык я і літаратуразнаўца, і крытык, і драматург, і казачнік, вось такім чынам.
У мяне 6 манаграфій. Гэта манаграфіі пра Купалу, пра беларускі сімвалізм. Гэта навуковыя працы.
Ёсць кнігі пра студэнцтва, прыкладам, “Белы мурашнік” і “Прыгоды аднаго губашлёпа”, і калі студэнты чытаюць гэтыя кнігі, яны кажуць, што нічога не памянялася з часу майго студэнцтва. Я лічу, што памянялася. Камп’ютары тады не стаялі ў кожным пакоі, і студэнты на мэрсе не прыязджалі на заняткі ў той час.

– Пятро Васільевіч, камп’ютары, якія Вы толькі што ўзгадалі, зараз ужываюцца ва ўсіх сферах нашага жыцця, паўсюль Інтэрнет, мы штодня чуем пра сучасныя новыя тэхналогіі, і заробкі, як вядома, зараз самыя высокія ў сектары камп’ютарных тэхналогій. А якія перспектывы, на Вашу думку, дае маладому чалавеку гуманітарная адукацыя і, у прыватнасці, навучанне ў нашым універсітэце?

– Што датычыцца камп’ютараў, дык проста трэба ўмела імі карыстацца, смартфонамі, камп’ютарамі і гэтак далей, не давяраць ім слепа, і тады яны будуць добрымі памочнікамі. Толькі памочнікамі! Аптымальны спосаб выкарыстання камп’ютараў – гэта выкарыстанне іх у рэальнай, а не віртуальнай прасторы, каб лягчэй жылося ў рэальнай прасторы. Горшы спосаб выкарыстання камп’ютараў – гэта сыход у віртуальную прастору. Поўны сыход. Ад гэтага я засцерагаў бы, бо нядобра, калі чалавек робіцца залежным ад камп’ютара.
Гуманітарная адукацыя ‒ якраз і ёсць тое, што робіць тэхнагенную цывілізацыю рацыянальнай і аптымальнай. Павінна рабіць. Ураўнаважваць некаторыя тэхнагенныя перабольшванні.
Што датычыцца нашага ўніверсітэта, то, безумоўна, гэта моўная падрыхтоўка перш за ўсё. Моўная падрыхтоўка, якая патрэбная ва ўсіх сферах, перадусім у педагогіцы, у камунікацыі ды і ў іншых сферах.
Наш продак Францыск Скарына, па маіх падліках, ведаў 10-12 моў. А што мы, насельнікі XXI стагоддзя, жыхары Еўропы, горшыя? Цывілізаваны чалавек павінен ведаць моў хаця б прыблізна столькі, колькі Скарына.

– Яшчэ хацелася б задаць Вам некалькі пытанняў пра беларускую літаратуру. Беларуская літаратура не такая вядомая ў свеце, як, напрыклад руская з творчасцю Дастаеўскага або англійская з творчасцю Шэкспіра. Ці гэта значыць, што яна ў нечым саступае іншым? Якая, на Вашу думку, пазіцыя беларускай літаратуры ў кантэксце сусветнай?

– Калі я размаўляю са студэнтамі, я кажу, што гэта літаратура сярэднееўрапейскага ўзросту – каля тысячы гадоў. Гэта нармальны для Еўропы ўзрост: не дужа маладая і не дужа старая. Яна, безумоўна, сваімі творамі заваявала права ўвайсці ў сусветны літаратурны працэс, пра што марыў яшчэ Максім Багдановіч. Але, на вялікі жаль, яна мала раскручаная ў свеце. 
Некалі мы не мелі свайго нобелеўскага лаўрэата ў літаратуры, цяпер маем Святлану Алексіевіч, рускамоўная пісьменніца, якая звязвае сябе ўсё ж такі з беларускай літаратурай.
Купала, Колас, Багдановіч, Караткевіч, Быкаў маюць права лічыцца і сусветнымі класікамі.
І наша кафедра беларускай мовы і літаратуры якраз выконвае навуковы праект, які павінен спрыяць рэпрэзентацыі беларускай літаратуры ў сучаснай сусветнай культуры. Мы шукаем спосабы рэпрэзентацыі. І адзін з такіх спосабаў даступны лінгвістам, навучэнцам нашага ўніверсітэта – гэта пераклады.

– У беларускай літаратуры ў XX стагоддзі паўсталі такія шэдэўры, як “Новая зямля” Якуба Коласа, “Людзі на балоце” Івана Мележа, раманы і аповесці Уладзіміра Караткевіча... А ці можна спадзявацца, што ў XXI стагоддзі сучасны пісьменнік створыць нешта адпаведнае па ўзроўні, па значнасці?

– Так, толькі гэта будзе ўжо не падобнае на тое, што пісалі некалі Мележ, Быкаў, Колас і Купала. Гэта будуць творы сучасныя, хаця, безумоўна, трэба захоўваць нацыянальную традыцыю. Мяркую, што не мае вялікіх перспектыў гігантаманія. Чытаюць у XXI стагоддзі не так шмат, і калі нараджаць новыя аграмадныя творы на шмат старонак, дык гэта значыць адбіраць час у чытача на класіку.
Мне думаецца, перспектыва за кароткім раманам. Аповесці Васіля Быкава нагадваюць гэту схему, мадэль кароткага рамана. І перспектыва яшчэ за серыяламі. Сур’ёзнымі серыяламі, не такімі, як мыльныя оперы, калі можна брацца і чытаць твор з любога канца. І прыклад вы ведаеце – гэта прыгоды паноў Кубліцкага ды Заблоцкага. Можна незалежна чытаць першую кнігу, другую і трэцюю, якая выйшла зараз – “Дзівоснае лета паноў Кубліцкага ды Заблоцкага”, таму што я ў кожнай кнізе знаёмлю чытача з мінулым маіх герояў.

– А ці можна чытачам спадзявацца працягу прыгод паноў Кубліцкага ды Заблоцкага? Ці будзе чацвёртая частка?

– Так, безумоўна. Задумана чацвёртая кніга, якая, аднак, не будзе падобная на ўсе тры папярэднія ў тым, што галоўным героем будуць ужо не паны. З’явіцца іншы герой, а паны будуць другараднымі персанажамі, але ўсё роўна яны будуць прысутнічаць у мастацкай прасторы гэтага твора. Больш я пакуль не буду расказваць пра гэты новы, чацвёрты, твор.
Трэба і мае навуковыя праекты нарэшце да ладу давесці, у тым ліку і доктарскую дысертацыю. Трэба папрацаваць над ёй.

–  Пятро Васільевіч, якія навуковыя даследаванні праводзяцца на кафедры беларускай мовы і літаратуры і ці могуць да іх далучацца нашы студэнты?

– Прыярытэтны кірунак навуковага даследавання нашай кафедры – гэта мовазнаўчая і літаратуразнаўчая кампаратывістыка: параўнанне беларускай мовы з іншымі, параўнанне беларускай літаратуры з іншымі, вывучэнне беларускай літаратуры ў кантэксце сусветнай. Гэтым займаюцца нашы выкладчыкі, гэта ўваходзіць у тэматычны план нашай кафедры. 
Што датычыцца студэнтаў, то яны ўжо далучаюцца да нашых даследаванняў, таму што кожны год праводзіцца секцыя студэнцкіх выступаў на канферэнцыі “Дні навукі МДЛУ”. А як практыкі студэнты актыўна ўдзельнічаюць у рабоце часопіса “Маладосць”. У кожным нумары ёсць рубрыка “Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт”, дзе нашы студэнты друкуюць свае пераклады. Дзякуй вялікі спадарыні Вользе Марозавай, каторая спрыяе гэтай рубрыцы. Яе намаганнямі студэнты маюць магчымасць не толькі друкавацца з перакладамі, як правіла, твораў эксклюзіўных, але і праходзіць практыку ў часопісе “Маладосць”.

– Якія творы Вы лічыце найбольш значнымі ў нашай літаратуры? Што павінен прачытаць кожны беларус?

– Студэнты самі гэтыя творы называюць, калі я даю ім рэйтынгавае апытанне “10 самых значных твораў у беларускай літаратуры”. Безумоўна, са старажытнай літаратуры яны павінны ведаць, скажам, “Жыццё Ефрасінні Полацкай”, з літаратуры XIX стагоддзя – аповесць Яна Баршчэўскага “Шляхціц Завальня” і знакавы праграмны твор Францішка Багушэвіча “Дудка беларуская”, творы Дуніна-Марцінкевіча. З літаратуры залатога веку, нашаніўскага адраджэння, ‒ і Купалы, і Коласа, і Багдановіча. І паэмы Купалы, і яго драматургія, і, вядома ж, “Новая зямля” Якуба Коласа, якая яшчэ да канца не зразуметая, якую, аднак, слушна называюць энцыклапедыяй беларускага жыцця. У ёй ёсць усё: не толькі вёска, але і горад, не толькі чалавек, але і прырода, і сям’я беларуская традыцыйная, і дзеці, і праца, і святы.
Далей, вядома, цэлая плеяда аўтараў вырасла ў 20-30-я гады, калі працягваў тварыць, скажам, Максім Гарэцкі. Аповесць “Лабірынты” Вацлава Ластоўскага таксама раю прачытаць студэнтам.
Гэта, вядома, Іван Мележ з “Палескай хронікай”, дзе аўтар змог перайсці ад рэгіянальнага да нацыянальнага, ад нацыянальнага да ўніверсальнага, як гэта ў свой час зрабіў амерыканец Уільям Фолкнер. Васіль Быкаў. Уладзімір Караткевіч – студэнты яго ведаюць, чытаюць і любяць.
Ёсць цікавыя аўтары і ў XXI стагоддзі, прыкладам, Віктар Марціновіч, папулярны апошнім часам пісьменнік Андрэй Горват, які таксама піша арыгінальную прозу, Віктар Казько, які выйшаў у XXI стагоддзе з новымі набыткамі і здабыў прэмію імя Ежы Гедройца. Ёсць і маладзейшыя аўтары, тут моладзь сама робіць выбар.

‒ Дзякуй за цікавую размову, Пятро Васільевіч!

Гутарыла старшы выкладчык
кафедры сучасных тэхналогiй перакладу
Т.I. Гарановiч